МЕНІ́СКАВЫЯ СІСТЭ́МЫ люстрана-лінзавыя сістэмы, у якіх перад сферычным (радзей эліптычным) люстэркам ці перад сістэмай люстэркаў і лінзаў або пасля іх знаходзіцца 1 ці некалькі ахраматычных меніскаў. Вынайдзены ў 1941 Дз.​Дз.Максутавым і Д.Габарам, незалежна адзін ад аднаго. Меніскавыя лінзы, радыусы крывізны паверхняў якіх мала адрозніваюцца, не ўплываюць на агульны ход прамянёў, але істотна змяншаюць аберацыі аптычных сістэм, у якія яны ўваходзяць. М.с. маюць малы астыгматызм, у іх можна скампенсаваць сферычную аберацыю, пазбавіцца ад комы. Выкарыстоўваюцца ў астраноміі, фатаграфіі і інш. Гл. таксама Максутава тэлескоп.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Меніскавыя сістэмы тыпу: а — Ньютана; б — Мерсена; 1 — меніск; 2, 3 — галоўнае і дапаможнае люстэркі.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)